Belarus / Беларусь BE

Беларусь ‒ краіна паміж Украінай, Расіяй, Польшчай і краінамі Балтыі, ужо некалькі дзесяцігоддзяў вядомая як “апошняя дыктатура ў Еўропе”. Рэпарцёры без межаў апісваюць яе як “самую небяспечную для журналістаў краіну Еўропы да ўварвання Расіі ва Украіну”. Пры агульнай колькасці насельніцтва каля 9,5 мільёнаў чалавек і распаўсюджанасці інтэрнэту на ўзроўні 85% краіна адстае па свайму эканамічнаму патэнцыялу. Яе ВУП на душу насельніцтва складае менш за трэць ад сярэдняга паказчыка Сусветнага банка для краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі.

АГУЛЬНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ

СМІ у каталогу
11
Тып арганізацыі
  • Камерцыйныя: 45,5%
  • Некамерцыйныя: 36,4%
  • Гібрыдныя: 9,1%
  • Яшчэ не зарэгістраваныя / зарэгістраваныя: 9,1%
Гендар заснавальнікаў
  • Мужчыны: 61,1%
  • Жанчыны: 38,9%
Тып пакрыцця
  • Гіперлакальныя: 0
  • Міжнародныя: 7
  • Мясцовыя: 3
  • Нацыянальныя: 1
  • Рэгіянальныя: 0

На фоне таго, што шмат хто называе «выміраннем СМІ», выкліканым пандэміяй, эканамічнай нестабільнасцю, дэзінфармацыяй і вайной, з’явілася ўсё больш новых відаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

На працягу апошняга дзесяцігоддзя традыцыйныя навінавыя выданні працягвалі скарачаць персанал. У той жа час па ўсёй Еўропе распаўсюдзіліся квітнеючыя СМІ, якія былі створаны і развіваліся выключна ў лічбавым фармаце. Яны запаўнялі навінавыя пустыні, прыцягвалі расчараваную аўдыторыю і адкрывалі новыя спосабы абмену жыццёва важнай інфармацыяй.

Нягледзячы на палітычныя, эканамічныя і моўныя адрозненні, уласцівыя для больш чым 40 краін, у якіх мы праводзілі гэтае даследаванне, 540 мясцовых лічбавых СМІ, прадстаўленых у нашым каталогу Project Oasis, маюць шмат агульных праблем і магчымасцяў.

Сярод нашых асноўных знаходак:

  • Яны выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі, арыентуючыся на маладую аўдыторыю, рассылаюць навіны праз Telegram, каб пазбегнуць цэнзуры, і навучаюць грамадзянскіх журналістаў. Галоўная задача – дамагчыся, каб супольнасці, раней недастаткова ахопленыя якасным навінавым кантэнтам, атрымалі да яго доступ.
  • Больш за 85 % з іх заявілі, што пытанні грамадства і правоў чалавека з’яўляюцца ключавымі для іх асвятлення, у тым ліку тэмы, звязаныя з міграцыяй, бежанцамі, гендарам і фемінізмам.
  • Больш за 50 % выдзяляюць рэсурсы на журналісцкія расследаванні, і многія ўтвараюць альянсы, каб асвятляць падзеі ў розных краінах.
  • Больш за 58 % заснавальнікаў СМІ, прадстаўленых у гэтым дакладзе – гэта жанчыны. Яны адрозніваюцца высокім узроўнем ўзаемадзеяння, і большасць з іх маюць двух або больш сузаснавальнікаў.
  • СМІ, заснаваныя калектывамі, якія ўключаюць як мужчын, так і жанчын, маюць самыя высокія даходы, у сярэднім 509 740 еўра ў год.
  • Тыя, хто інвестуе ў развіццё бізнесу, ствараюць больш устойлівыя арганізацыі. СМІ, у якіх ёсць хоць бы адзін супрацоўнік, які займаецца пытаннямі атрымання даходу, маюць сярэдні гадавы даход у шэсць разоў вышэйшы, чым тыя, у якіх няма такіх супрацоўнікаў: 598 539 еўра ў параўнанні з 95 629 еўра.
  • Больш за палову СМІ ў гэтым даследаванні з’яўляюцца некамерцыйнымі арганізацыямі, пры гэтым многія камерцыйныя прадпрыемствы ўкладваюць больш у журналістыку, чым у стварэнне прыбытку.
  • Сярод некамерцыйных СМІ асноўнымі крыніцамі даходу з’яўляюцца гранты, індывідуальныя ахвяраванні і членства (у такім парадку). Сярод камерцыйных СМІ галоўныя крыніцы – гэта рэклама, падпіска на вэб-сайт і гранты.
  • Разнастайнасць даходаў мае ключавую ролю. Аднак вялікая колькасць крыніц фінансавых паступленняў не абавязкова карэлюе з больш значнымі дасягненнямі ў бізнэсе. Стварэнне ад двух да шасці крыніц даходу здаецца аптымальным для ўстойлівасці і незалежнасці.
  • Першапачаткова лічбавыя СМІ вельмі разнастайныя, ад невялікіх стартапаў, якімі кіруюць адданыя сваім супольнасцям валанцёры, да высокапрыбытковых шматплатформенных арганізацый, якія кожны месяц прыцягваюць мільёны праглядаў старонак і зарабляюць мільёны еўра ў год.
  • Хоць некалькі са СМІ, уключаных у дадзенае даследаванне, працуюць ўжо 20 гадоў, больш за палову з іх пачалі публікаваць кантэнт ў апошняе дзесяцігоддзе. Найбольшая колькасць была заснавана ў 2016 годзе.

Дасягненне ўстойлівага развіцця – гэта цяжкая задача, і простага рэцэпту поспеху няма. Аднак досвед многіх з апытаных намі лідэраў СМІ даказвае, што знайсці падтрымку, неабходную для служэння сваім супольнасцям, можна.

«Ніякіх алігархаў, ніякага платнага доступу да інфармацыі. Толькі вашы ахвяраванні і наша праца», — такі слоган створанага ў 2009 годзе мясцовага чэшскага лічбавага рэсурсу СМІ Deník Referendum. Галоўны рэдактар Якуб Паточка (Jakub Patočka) распавёў нам пра свой метад: «Чытачы, якія хочуць падыскутаваць [у раздзеле каментарыяў] пад нашымі артыкуламі, плацяць за гэта. Такі падыход прыносіць невялікі даход і дапамагае развіваць дыскусію».

Цікавай мадэллю сярод некаторых выданняў, прадстаўленых у нашым каталогу, з’яўляюцца кааператывы СМІ, якія фінансуюцца за кошт узносаў членаў. У Вялікабрытаніі члены кааператыва «The Bristol Cable» з’яўляюцца таксама яго «дэмакратычнымі акцыянерамі». Гэта азначае, што яны могуць прысутнічаць на штогадовых агульных сходах арганізацыі, галасаваць за рэдакцыйныя кампаніі і ўдзельнічаць у выбарах у Савет невыканаўчых дырэктараў.

Большасць медыйных прадпрыемстваў, якія мы адзначылі для стварэння нашага каталога, былі заснаваныя журналістамі, часта з абмежаванымі рэсурсамі і вопытам вядзення бізнесу, але, нягледзячы на гэтыя (і многія іншыя) праблемы, многія сказалі, што ў бліжэйшыя гады яны чакаюць росту.

Некаторыя з іх будуць добра вядомыя чытачам, якія працуюць у сферы СМІ, але мы верым, што сярод мноства натхняльных прыкладаў, якія мы знайшлі ў Еўропе, для вас знойдзецца некалькі сюрпрызаў. Аднак мы не сцвярджаем, што ў гэтай першай версіі Project Oasis прадстаўлены ўсе сродкі масавай інфармацыі, якія павінны быць уключаны ў наш еўрапейскі каталог.

Многія высновы, зробленыя намі ў ходзе гэтага даследавання, адпавядаюць вынікам нашых папярэдніх даследчых праектаў, і каб забяспечыць больш кантэксту і кропак параўнання, ў наступным дакладзе мы паглыбімся ва ўсе ключавыя высновы, прыведзеныя вышэй.

Гэты даследчы праект праводзіўся з выкарыстаннем метадалогіі, якую мы распрацавалі ў SembraMedia, калі ў 2015 годзе мы пачалі шукаць падобныя СМІ ў іспанамоўных супольнасцях Лацінскай Амерыкі, Іспаніі і ЗША. З 2022 года, калі мы пачалі працаваць над Project Oasis, свой уклад у яго ўнеслі больш за 60 чалавек, у тым ліку 34 даследчыкі з мясцовым досведам. Яны складалі схемы, аналізавалі інфармацыю і праводзілі інтэрв’ю больш чым на 30 мовах.

Важна адзначыць, што гэты даклад і каталог СМІ не з’яўляюцца канчатковым вычарпальным спісам усіх незалежных лічбавых СМІ ў Еўропе. Мы спадзяемся, што гэта толькі першы крок у ходзе даследчага праекта, які мы працягнем развіваць.

Нас натхняюць інавацыі, рашучасць, смеласць, а часта таксама выдатная журналістыка, створаныя кіраўнікамі СМІ, якія не пашкадавалі свайго працоўнага часу для размовы з нашымі даследчыкамі.

Як мы выявілі з папярэдніх даследаванняў, уключэнне СМІ ў каталог Project Oasis можа дапамагчы іх лідэрам абменьвацца ведамі, супрацоўнічаць і атрымліваць большую вядомасць і прызнанне з боку арганізацый, якія могуць аказаць ім жыццёва важную падтрымку, якую яны заслугоўваюць і якая неабходная ім для працягу сваёй працы.

Свабода прэсы

Пасля масавых пратэстаў у 2020 годзе праблемы ў Беларусі толькі ўзмацніліся.У жніўні 2020 года беларусы выйшлі на акцыі пратэсту па ўсёй краіне пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка, які кіруе краінай з 1994 года, заявіў аб перамозе на выбарах, якую многія палічылі фальсіфікацыяй. Міліцыя жорстка задушыла пераважна мірныя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. 

Асабліва моцна пацярпела медыя-супольнасць. З 2020 года Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала больш за 500 выпадкаў затрымання журналістаў у сувязі з прафесійнай дзейнасцю. Па стане на кастрычнік 2022 года 32 супрацоўнікі СМІ застаюцца за кратамі. 

Трыццаць тры вэб-сайты СМІ былі заблакаваныя, 12 газет забароненыя, а сем медыя-арганізацый былі абвешчаныя “экстрэмісцкімі” – гэта азначае, што выкарыстанне іх кантэнту можа прывесці да крымінальнага пераследу, а іх супрацоўнікам пагражае крымінальная адказнасць.

Адным з выданняў, якія трапілі ў спіс “экстрэмісцкіх”, з’яўляецца былы найбуйнейшы ў краіне незалежны сайт Tut.by. Да пачатку рэпрэсіяў ён ахопліваў 65% насельніцтва Беларусі. Але ў маі 2021 года гэты СМІ быў вымушаны спыніць сваю дзейнасць. Большасць яго кіраўнікоў знаходзяцца ў турме, а супрацоўнікі – у выгнанні, дзе яны ствараюць новы лічбавы СМІ.

Рашэнне пераехаць за межы Беларусі стала звыклым для большасці незалежных СМІ. Фактычна, толькі адзін незалежны сайт агульных навін з нацыянальным ахопам застаецца ў краіне, але ягоныя кіраўнікі адмовіліся ад інтэрв’ю для “Project Oasis”.

Незалежныя медыя-арганізацыі, якія перавялі сваіх супрацоўнікаў за межы Беларусі, нязменна блакуюцца на тэрыторыі краіны. Хаця многія беларусы выкарыстоўваюць VPN (віртуальныя прыватныя сеткі) для доступу да незалежных навін, найбольш важнымі каналамі распаўсюджвання сталі сацыяльныя сеткі, асабліва Telegram і YouTube. Іншыя “абароненыя ад цэнзуры” формы распаўсюджвання, такія як, напрыклад, падкасты і паштовыя рассылкі, у Беларусі развіваюцца павольна. У асноўным гэта звязана з інэрцыяй рынку; многія беларусы не прызвычаіліся да такіх фарматаў, і СМІ ў выгнанні спрабуюць змяніць сітуацыю. 

Структура рынку і дамінаванне

Даследаванне паводзін аўдыторыі паказвае, што пасля пратэстаў 2020 года многія беларусы пачалі стамляцца ад навін і адварочвацца ад незалежных СМІ. Гэта прывяло да зніжэння ахопу і ўцягнутасці многіх недзяржаўных СМІ. Тэндэнцыя некалькі змянілася пасля таго, як Расія пачала вайну ва Украіне, але ў доўгатэрміновай перспектыве ў незалежных СМІ прыкладаюць намаганні для таго, каб дасягнуць такога ахопу, які ў іх быў да пераезду з Беларусі. 

Не хапае незалежных, вартых даверу даследаванняў аб тым, як беларусы ўспрымаюць дзяржаўныя СМІ. Аднак сярод незалежных СМІ трывала лідзіруюць анлайн-выданні. Недзяржаўным друкаваным выданням у асноўным забаронена распаўсюджваць свой кантэнт. Еўрарадыё, адзіная незалежная інфармацыйная радыёстанцыя ў краіне, была прызнана “экстрэмісцкай” і забаронена, як і Белсат, спадарожнікавы тэлеканал з Польшчы, які падтрымліваецца шэрагам заходніх спонсараў.

У даведнік увайшлі адзінаццаць профіляў лічбавых медыя-арганізацый Беларусі. Ад сайтаў, прысвечаных ладу жыцця, да традыцыйных навінавых рэсурсаў і СМІ, якія публікуюцца толькі ў Telegram. Усе яны імкнуцца ствараць ўстойлівыя, незалежныя патокі фінансавання.

З апытаных выданняў сем назвалі гранты асноўнай крыніцай даходу, а два адмовіліся распавядаць пра свае крыніцы даходу з меркаванняў бяспекі. Толькі адно выданне, probusiness.io, нішавы сайт дзелавых навін, які па-ранейшаму працуе на тэрыторыі Беларусі, заявіла, што яно цалкам фінансава самадастатковае. Беларускія ўлады, здаецца, заплюшчваюць вочы на яго працу з прычыны вузкай спецыялізацыі сайта і адпаведнага ахопу.

Вядучыя беларускія СМІ падзяляюць заклапочанасць наконт доўгатэрміновай устойлівасці сваёй галіны. Яны разумеюць, што спонсарскае фінансаванне можа быць толькі часовым рашэннем, але распрацоўка іншых крыніц фінансавання для СМІ, якім не дазволена дзейнічаць адкрыта, застаецца сур’ёзнай праблемай. Многія навінавыя выданні эксперыментуюць з падтрымкай чытачоў і карыстальнікаў; амаль усе спрабуюць прадаваць рэкламу, але большасць кіраўнікоў СМІ, апытаных у рамках дадзенага праекту, заявілі, што гэтыя крыніцы фінансавання з’яўляюцца другараднымі. 

Эксперыменты з платформамі з’яўляюцца складанымі і дарагімі для СМІ, якія часта з цяжкасцю выплочваюць сваім журналістам годны заробак і задавальняюць самыя асноўныя патрэбнасці сваіх выданняў. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, большасць незалежных беларускіх журналістаў захоўвае высокую матывацыю. Рэдактары, апытаныя ў рамках дадзенага праекту, дэманструюць дакладнае бачанне ролі сваіх выданняў у грамадстве, дзе свабода слова фактычна забароненая, а дзяржаўная прапаганда паўсюдная.

“Наша задача — не дапусціць, каб хлусня стала праўдай, – кажа адзін з іх, галоўны рэдактар вядучай незалежнай медыя-арганізацыі. Іншы дадае: “Калі мы думаем аб тым, на якую рызыку ідуць людзі, чытаючы нашы матэрыялы, гэта прымушае нас па-сапраўднаму ацаніць нашу адказнасць перад грамадствам”. Абодва рэдактары адмовіліся назваць свае імёны з меркаванняў бяспекі. 

Доўгатэрміновае выжыванне незалежных СМІ ў Беларусі будзе залежаць ад спонсарскай падтрымкі. Пры адсутнасці змены рэжыму ці хаця б значнага паслаблення напружанасці, галіна будзе працягваць сутыкацца з практычна непераадольнымі праблемамі ў атрыманні дастатковага незалежнага даходу з устойлівых крыніц. СМІ ў выгнанні ўсведамляюць, што ім неабходна распрацоўваць новыя спосабы прыцягнення аўдыторыі, таму цалкам разумна чакаць з’яўлення новых платформ і фарматаў. Асаблівую цікавасць уяўляе TikTok, дзе колькасць беларускіх карыстальнікаў ужо складае дзясяткі тысяч людзей. Манетызацыя гэтых платформ магчыма з пастаяннай падтрымкай, кансультацыямі і навучаннем з боку міжнароднай супольнасці па развіцці СМІ. 

Апошняе абнаўленне: студзень 2023 года